ТЫБЕ́ЦКАЕ НАГО́Р’Е, Тыбет,

адно з найбольш высокіх і вялікіх нагор’яў Зямлі. Займае паўд. ч. Цэнтр. Азіі, пераважна на тэр. Кітая. Абмежавана горнымі сістэмамі: на З — Памір і Гіндукуш, на Пн — Куньлунь, на У — Сіна-Тыбецкія горы, на Пд — Гімалаі. Пл. каля 2 млн. км². У рэльефе спалучаюцца горныя хрыбты выш. да 6000—7000 м, раздзеленыя шырокімі, плоскімі або слабаўзгорыстымі раўнінамі выш. 4000—5000 м.

Раўніны Т.н. складзены з пясчанікаў, вапнякоў, кварцытаў, гліністых сланцаў, хрыбты — з гранітаў і гнейсаў. Паўн. ч. ўтварылася ў перыяд герцынскай, сярэдняя — ціхаакіянскай, паўд. — альпійскай складкавасцей. У перыяд альпійскай складкавасці адбылося агульнае падняцце Т.н. На паўд. ускраіне, уздоўж паўн. схілаў Гімалаяў — тэктанічны прагін. Многія раёны сейсмічныя, ёсць гарачыя крыніцы, у т. л. мінеральныя. Радовішчы золата, каляровых металаў, каменнага вугалю, гаручых сланцаў, жал. руды, сурмы, мыш’яку, каменнай солі і інш. Клімат рэзка кантынентальны, халодны. Сярэдняя гадавая т-ра 0—5 °C.

Ападкаў на Пн 100—200 мм, на Пд 500—700 мм за год. Бываюць моцныя вятры. На раўнінах зіма бясснежная. У далінах на ПдУ клімат больш мяккі, ападкаў да 400 мм за год. Снегавая лінія на выш. 5000—6000 м (самая высокая на Зямлі), ледавікі найб. у Каракаруме. Рачная сетка рэдкая, рэкі горныя, парожыстыя, ледавіковага і снегадажджавога жыўлення, багатыя гідраэнергіяй. На Пн рэкі ўпадаюць у бяссцёкавыя салёныя азёры. найб. Намца; на Пд і У вытокі вял. рэк Азіі: Інд, Брахмапутра, Салуін. Хуанхэ, Янцзы, Меконг і іх прытокаў. Пераважае расліннасць высакагорных пустынь і паўпустынь на маламагутных горна-пустынных глебах. У паўн. ч. нагор’я і на ПдЗ — нізкая травяная расліннасць, значныя тэр. заняты друзавай або саланчаковай пустыняй. Характэрныя прадстаўнікі расліннасці — тыбецкая асака і балотніца. На Пд трапляюцца ўчасткі горных стэпаў. Лясы на крайнім У (елка, хвоя, бяроза) і ў далінах на ПдУ (тугайныя лясы — лаза, таполя, ціс, падуб, хвойныя). Жывёльны свет: на Пн характэрны капытныя — як, кулан, антылопы аронга і ада, архар, блакітны баран. Ёсць мядзведзі, воўк, ліс, шакал, зайцы, пішчухі. тарбаган; з птушак — барадач-ягнятнік. гімалайскі сіп, арлан-даўгахвост, тыбецкі улар, тыбецкая саджа і інш. На Пд (асабліва ў далінах) трапляюцца тыгр, кабарга, газель, выдра, янот, малпы макакі; з птушак — каршун, сава, сокал і інш. Пра насельніцтва і гаспадарку гл. ў арт. Тыбецкі аўтаномны раён.

І.​Я.​Афнагель.

т. 16, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)